Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Гісторыя і традыцыі

Калі ўпершыню сустракаецца згадка аб турысцка-краязнаўчай рабоце ў раёне? Гэта пытанне… Хутчэй за ўсё некаторыя формы працы (паходы, экскурсіі, прагулкі, злёты) выкарыстоўваліся ў выхаваўчай рабоце школ. Кіравалі дадзенай працай у школах турарганізатары, піянерважатыя, выхавальнікі ... Дакументы, датаваныя 1956 годам, сведчаць аб правядзенні групай школьнікаў (15 чал) турысцка-краязнаўчай эстафеты на роварах па маршруце Высокае- Камянец-Высокае, працягласцю 78 км, пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры Георгія Мусевіча. У 1973 годзе навучэнцы Высокаўскай СШ занялі 1 месца ў марш-кідку Высокае- г.Баранавічы- воз.Гаць і абласным турыстычным злёце школьнікаў. У 1975- 1 месца па арыентаванні, 3 месца - па тапаграфічнай здымцы і 2 месца - на паласе перашкод у абласным турысцкім злёце ў г.п.Телеханы.           

Свой пачатак "афіцыйны" турызм, як асобная падструктурная адзінка Камянецкага раёна, бярэ з 1977 года, калі на базе былой Дзмітравіцкай школы пры Камянецкім Доме піянераў і школьнікаў была адкрыта турысцкая база. Стратэгічнай задачай першых 20-ці  гадоў была папулярызацыя турызму і краязнаўства, уцягванне школьнікаў і педагогаў у паходна-пошукавую і экспедыцыйную дзейнасць, вывучэнне прыроды свайго краю, а таксама гісторыі адукацыі, развіцця калгасаў, саўгасаў і вытворчых прадпрыемстваў раёна, пошук і ўстанаўленне імёнаў загінуўшых воінаў Вялікай айчыннай вайны, захаванне памяці аб ахвярах фашызму.           

Вялікую папулярнасць у тыя гады атрымалі пешаходныя зорныя паходы, краязнаўчыя экспедыцыі  і пазнавальныя экскурсіі.Адміністрацыя была прадстаўлена толькі дырэктарам турысцкай базы піянераў і школьнікаў, які ўваходзіў у апарат РАНА і знаходзіўся ў г.Камянцы. У кожнай школе раёна працавалі турарганізатары, якія займаліся непасрэднай арганізацыяй паходаў, экскурсій, экспедыцый на месцах, падрыхтоўкай каманд да ўдзелу ў раённых турысцкіх і краязнаўчых злётах.           

Турбаза служыла месцам начлегу для турысцкіх груп пры правядзенні шматдзённых паходаў. З 1986-1987 навучальнага года Загадам № 23 па раённай дзіцячай турбазе ад 2.09.1986 г згодна з тарыфікацыяй РАНА былі адкрыты на базах школ ( Камянецкай СШ № 1 і № 2, Дзмітравіцкай СШ, Калянковіцкай БШ, Свішчаўскай СШ, Высокаўскай СШ)  гурткі па турызме і краязнаўстве, для пераможцаў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў арганізаваны экскурсіі ў г.Ленінград, г.Мінск, г.Масква і інш.        

У 1989-1990 навучальным годзе на турбазе ўжо было адчынена 25 гурткоў і працавала 25 педагогаў-сумяшчальнікаў на базе 21 школы.Штогод кожным педагогам праводзіліся ступенныя і катэгарыйныя паходы па Камянецкім раёне, Брэсцкай вобласці і за яе межы (Карпаты, Крым, Кольскі паўвостраў, Алтай і інш.), традыцыйнымі сталі турысцкія спаборніцтвы па ТПМ, спартыўным арыентаванні, краязнаўчыя алімпіяды, турыстычныя і экскурсіі (Валынская і Ровенская вобл., г.Кіеў, г.Луцк, г.Ленінград).З 1991 г (Пр.№ 31 ад 22.12.1991 г) уся дакументацыя вядзецца на беларускай мове.           

З 1994 года дзіцячая турысцкая база піянераў і школьнікаў перайменавана ў раённы цэнтр турызму і краязнаўства. Уводзяцца змены ў штатны расклад цэнтра: скарачаюцца стаўкі інструктараў-метадыстаў і культарганізатара.

Павялічваецца колькасць педагогаў-сумяшчальнікаў.Загадам па РАА Камянецкага райвыканкама №13 ад 30 чэрвеня 1994 года дырэктарам прызначаецца Сергіевіч Мікалай Іванавіч, на пасаду метадыста пераводзіцца Васілеўскі Мікалай Міхайлавіч.     Наступнае 20-годдзе патрабуе новых падыходаў да рашэння задач турызму і краязнаўства ў раёне. 1997-2017 г- гэта гады развіцця сістэмы гуртковай працы па турызме і краязнаўстве, гэта падбор і падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў дадзенага кірунку, гэта развіццё экскурсійнага турызму і міжнароднага супрацоўніцтва, гэта пошук новых (інавацыйных) форм працы, гэта развіццё ў раёне розных відаў турызму ( пешаходнага і веласіпеднага турызму, спартыўнага арыентавання і скалалажання, турысцка-прыкладнога мнагабор'я і воднага турызму).           

Дырэктарам Цэнтра прызначаецца Сідарук Сяргей Васільевіч. Вынікам дадзенай стратэгіі павінен быў стаць вынік. І гэты вынік быў дасягнуты: у раёне на сённяшні дзень 4 майстры спорту па турызме, 36 кандыдатаў у майстры спорту, 44 чалавекі выканалі 1 разрад, 127-2 разрад, 97-3 разрад, і больш за 500 чалавек маюць масавыя разрады па турызме. На рахунку нашай зборнай - удзел у 23-х міжнародных турысцкіх спаборніцтвах і злётах, больш як у 40 рэспубліканскіх і больш як у 250 абласных турысцкіх і краязнаўчых мерапрыемствах, дзе практычна заўсёды ўваходзілі ў тройку прызёраў.           

Годным паказчыкам працы цэнтра і правільна абранай стратэгіі на дадзеным этапе з'яўляецца перамога (якая стала традыцыйнай) у абласной круглагадовай спартакіядзе. Такі вынік стаў магчымы дзякуючы высокапрафесійнай, згуртаванай і, недзе фанатычнай, рабоце педагогаў дадатковай адукацыі раёна. З падзякай і захапленнем хачу адзначыць нашых «ветэранаў», тых, хто каля 20 гадоў працаваў на нашых дзяцей, з нашымі дзецьмі і на вынік-гэта Арабейка В.В., Томчук В.М., Сідарук С.В., Гапанюк У .В., Нашчынец І.В., Мушыц А.А.,Краўцоў В.М., Кудрашоў А.В., Гурыновіч Л.М., Круглей П.З., Карнейчук С.І., Буневіч В.У. і інш.           

Выдатным паказчыкам з'яўляецца і тое, што ў сістэму турысцка-краязнаўчай работы вяртаюцца маладыя педагогі, нашы выпускнікі, нашы турысты і краязнаўцы: Андрэюк М.В., Хмара М.М., Анісімава Т.С., Яўташук Н.В. і Яўташук А.В., Шумер А.М., Сілюк А.А., Кошман А.У. Мушыц А.А., Кудрашоў А.У. і інш.           

У раёне на сённяшні дзень сетка гурткоў па турызме і краязнаўстве ахоплівае практычна ўсе школы раёна, супрацоўніцтва наладжана з такімі арганізацыямі і ўстановамі як дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова “Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Адкрытае акцыянернае таварыства “Белавежскі”, Высокаўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійна-тэхнічны каледж , Камянюкскі сельскі цэнтр рамёстваў і культуры, Вярховіцкі с/Савет, Брэсцкі абласны Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і інш.           

Адкрыты аб'яднанні па інтарэсах па розных відах турызму (пешаходным, веласіпедным, турысцка-прыкладным мнагаборстве, спартыўным арыентаванні, скалалажанні) і краязнаўстве (гісторыя, геаграфія, этнаграфія, экалогія, археалогія, фальклор, экскурсаводы, музеязнаўства і інш.).           

Наперадзе - новы перыяд, які патрабуе перамен, новых падыходаў, новых рашэнняў, новых форм і метадаў работы, новага погляду на турысцка-краязнаўчую работу.           

Куды ісці, да чаго імкнуцца?Нягледзячы на ​​тое, што вызначэнне вектараў развіцця - не з'яўляецца лёгкай задачай, неабходна зрабіць спробу сфармуляваць асноўныя напрамкі развіцця дзіцячага турызму і краязнаўства ў раёне на новы перыяд. Да такіх напрамкаў можна аднесці:

*забеспячэнне даступнасці і якасці дадатковай адукацыі для ўсіх пластоў і груп дзіцячага насельніцтва;

*аднаўленне зместу, форм і тэхналогій дадатковай адукацыі дзяцей у адпаведнасці з інтарэсамі дзяцей, патрэбамі сем'яў і грамадства;

*стварэнне сучаснай інфраструктуры дадатковай адукацыі дзяцей за кошт дзяржаўнай падтрымкі і павелічэння інвестыцыйнай прывабнасці;

*развіццё кадравага патэнцыялу дадатковай адукацыі дзяцей;

*удасканаленне рэсурснага патэнцыялу сістэмы дадатковай адукацыі;

*фарміраванне эфектыўнай сістэмы кіравання ўстойлівым развіццём дадатковай адукацыі.           

Іншымі словамі, у нас ёсць кадры, у нас ёсць дзеці, у нас ёсць мэты і задачы, у нас ёсць нядрэнная матэрыяльная база і мы можам на новым этапе большую ўвагу надаць агульнаразвіццёвым і агульнаўмацавальным формам работы з навучальнымі, здароваму ладу жыцця школьнікаў, развіццю праектнай. дзейнасці, арганізацыі актыўнага адпачынку і экскурсійнага абслугоўвання турысцкіх груп, а таксама развіццю платных паслуг па турызме.           

Развіццё сістэмы дадатковай адукацыі павінна з'яўляцца "неад'емным кампанентам агульнай стратэгіі ўдасканалення сістэмы адукацыі, звяном сістэмы бесперапыннай адукацыі, роля якога рэзка ўзрастае ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах для асобы і для грамадства".Пераход сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей ад стратэгіі выжывання да стратэгіі развіцця залежыць ад прадуманасці кіраўніцкіх рашэнняў, кансалідацыі і аптымізацыі выкарыстання рэсурсаў на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння.           

Дзіцячы пісьменнік Марк Твен казаў:«Праз 20 год вы будзеце больш шкадаваць не пра тое, што вы зрабілі, а пра тое, што не зрабілі. Так скідвайце вузлы, выплывайце з ціхіх гаваняў. Злавіце вецер у свае ветразі. Даследуйце. Марыце. Адкрывайце».